Кантакты На галоўную Гасьцёўня
 
  
КАРОТКІ КАТЭХІЗМ
БЕЛАРУСКАГА ПАТРЫЁТА
 
 
  1. ПРА РАДЗІМУ БЕЛАРУСЬ
2. ПРА ГІСТОРЫЮ НАШАЕ КРАІНЫ
3. ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ І КУЛЬТУРУ
4. ПРА ВЕРУ БЕЛАРУСА
5. ПРА НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАТРЫЯТЫЗМ
6. ПРА БЕЛАРУСКАГА ПАТРЫЁТА
7. БЕЛАРУСКІ ПАТРЫЁТ І ПАЛІТЫКА
 

 
 
 
 
 
 
 
ПРА РАДЗІМУ БЕЛАРУСЬ
Чым ёсьць Беларусь для кожнага беларуса-патрыёта?
Радзіма Беларусь - гэта адзіная зямля, якой яе ўраджэнец абавязаны сваім нараджэньнем, выхаваньнем і жыцьцем. Да гэтай зямлі кожны беларус мае вялікую павагу і любоў, а беларус-патрыёт мае найбольш глыбокае разуменьне неабходнасьці працаваць на Беларусь, яе будучыню і будучыню сваіх нашчадкаў.

Цi багатая беларуская зямля?
Па прыродных багацьцях Беларусь пераўзыходзiць шмат краiнаў сьвету (у тым ліку эўрапейскiх). Асабліва можна адзначыць высокі ўзровень разьвіцьця цяжкай прамысловасьці, у прыватнасьці машынабудаваньня. Дасягненьні ў сельскай гаспадарцы і жывёлагадоўлі дазваляюць ня толькі пракарміць сябе, але і наладжваць экспарт у іншыя краіны сьвету. Беларускія лясы займаюць трэцюю частку краіны, акрамя таго Беларусь багатая залежамі торфу, калійных салей, нафты, што забясьпечвае вытворчасьць прамысловасьці.
Крынiцай узбагачэньня дзяржавы можна лiчыць  геапалiтычнае становiшча ў Цэнтральнай Эўропе: на перакрыжаваньнi шляхоў з Расеi на Захад, ад краiнаў Балтыi да чарнаморскiх краiнаў. Пры разумным кiраваньнi платай за транзіт праз нашу тэрыторыю можна значна папаўняць дзяржаўную казну (як вядома, у сьвеце iснуюць дзяржавы, якiя жывуць пераважна з паступленьняў ад транзiту).

Цi здольна наша краiна iснаваць самастойна, без падпарадкаваньня iншым дзяржавам?
Наша краiна безумоўна можа iснаваць самастойна без прыніжальнай залежнасьці ад іншых краінаў, таму што дастаткова багатая. Але незалежнасьць ня ёсьць нечым абсалютным, і яе трэба разумець як магчымасьць нацыі вырашэньня собскіх пытаньняў краіны без вырашальнага ўціску зь боку іншае краіны ці нейкай арганізацыі, але у залежнасьці ад нацыянальных інтарэсаў. Мы ня можам, нажаль, прыгадаць прыклады ў гiсторыi апошнiх 300 гадоў, каб наш народ жыў, як у нармальнай эўрапейскай краiне з-за адсутнасьці  дзяржаўнай ды гаспадарчай самастойнасьці, а таксама адзінства беларускага грамацтва.

У чым галоўная гістарычная праблема Беларусі апошніх стагоддзяў?
Праблема беларускага грамацтва палягае ў адсуднасьці кансалідацыі ў межах беларускай нацыі. Адсутнасьць духоўнага адінства нацыі (нягледзячы на аднародны нацыянальны склад Беларусі) вяло да слабасьці беларусаў як нацыі, што можа абараняць свае інтарэсы. Гэта слабасьць рабіла Беларусь прывабным кавалкам для суседніх дзяржаваў, што мелі болшьш акрэсьленае ўсьведамленьне гістарычнай ролі і адзінства насельніцтва. Сьвядомая частка беларусаў выступала са зброяй у руках у кожным пакаленьні, але іх погляды не падтрымліваліся асноўнай масай насельніцтва. З гэтае прычыны нярэдка актыўная частка нацыі ці вынішчалася ворагамі, ці была вымушана хавацца ў эміграцыі.
 

 ПРА ГІСТОРЫЮ НАШАЕ КРАІНЫ
Чаму мы павiнныя ведаць нашу гiсторыю?
Кожны чалавек у сваім жыцьці перажывае пэўныя росквіты і няўдачы. Кожны больш-меньш значны ўчынак адкладваецца ў памяці чалавека, становіцца яго жыцьцёвым вопытам. Вопыт дапамагае чалавеку вырашаць, як лепш паступіць у тым ці іншым жыцьцёвым выпадку. Падобна асабістаму вопыту, гісторыя таксама з’яўляецца вопытам, але вопытам усяго народа, нацыі. Аналізуючы гісторыю, мы можам рабіць высновы, будаваць сваю далейшую палітыку, адносіны і паводзіны. Такім чынам, гісторыя вучыць нас. Робячы вывады з урокаў гісторыі можна не рабіць такіх памылак, якія рабілі нашы продкі. Гісторыя таксама кансалідуе нацыю, існуе як яе калектыўнае “Я”. Толькі чалавек, што мае багаты і складаны жыцьцёвы вопыт можа асягнуць шмат у жыцьці, толькі нацыя што вучыць урокі гісторыі можа дамагчыся найперш павагі да самой сябе і павагі з боку іншых. Гэтая калектыўная памяць мусіць прывязваць нас да ўспадчыненых формулаў, што робяцца наймацнейшымі  калі нацыя перажывае крушэньне старых рэжымаў.
 

Якая наша гiсторыя? Цi можам мы ёй ганарыцца?
Гісторыя Беларусі – гэта неад’емная частка гісторыі Эўропы. Беларусы маюць багатую і цікавую гісторыю. Яна неадначасова скажалася замежнікамі, ствараліся і забіваліся ў галаву беларусаў міты выгодныя тым, хто часова гаспадарыў на нашай зямлі.
Гісторыя Беларусі - гэта гісторыя беларускіх плямёнаў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, вяцічаў, северанаў, драўлянаў. Гісторыя Беларусі - гэта слаўная гісторыя беларускай дзяржаўнасьці, якая пачынаецца Полацкім, Смаленскім і іншымі беларускімі княствамі, працягваецца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, Рэчай Паспалітай, Беларускай Народнай Рэспублікай і сучаснай Рэспублікай Беларусь.

Чаму Вялікае Княства Літоўскае лічыцца беларускай дзяржавай?
Вялікае Княства Літоўскае безумоўна з’яўляецца беларускай дзяржавай, якой нездарма ганарацца ўсе сьвядомыя беларусы. Княства аб’ядноўвала ня толькі беларускія, але і жмудзкія, украінскія і частку маскоўскіх зямель. Назва Літва амаль да канца XIX стагоддзя нязьменна азначала большую частку той тэрыторыі, якая сёньня завецца Беларусьсю. Маскоўская дзяржава з пэўнага часу стала сьвядома хлусьліва называць літоўскімі прыбалтыйскія землі, якія спрадвеку зваліся жмудзкімі. Масква баялася, што зьнясілены войнамі і маскоўскай акупацыяй беларускі народ аправіцца і захоча вярнуць сабе былую веліч і дабрабыт. А жмудзкі народ, па сутнасьці ня маючы сваёй гісторыі (то пад уладай ліцьвінаў (гэта значыць сучасных беларусаў), то немцаў) зь вялікай ахвотай прынялі слаўную, але чужую назву “Літва”. Вось яшчэ факты, якія адкідваюць усялякія сумненьні:
1. Згодна старажытным летапісам першапачатковая Літва знаходзілася ў раёне Наваградка (першая сталіца ВКЛ), сучасных Баранавічаў, Слоніма, а землі, якія зараз у складзе Літоўскай Рэспублікі (акрамя Віленскага краю) маюць гістарычную назву Жмудзь (і часткова Аўкштайція).
2. Дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага была старабеларуская мова. На ёй выдаваліся законы, пісаліся летапісы, размаўлялі князі. Па-беларуску вучыліся дзеці ў школах, маліліся Богу ў храмах.
3. Жмудзкія землі (тыя што зараз завуцца Літвой) нярэдка былі разьменнай манетай у спрэчках Вялікіх Князёў зь нямецкімі ордэнамі. Яны неаднаразова аддаваліся ў якасьці хабара, знака міру, каб выйграць час і г.д.
З усяго гэтага вынікае, што мы, беларусы, па праву ганарымся слаўнай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.

Якімі слаўнымі постацямі нашай Радзімы мы можам ганарыцца?
Наша мінулае поўніцца вялікімі падзеямі і вялікімі людзьмі. Як сапраўднага героя мы вылучаем полацкага князя Ўсяслава Чарадзея, які аб’яднаў большасьць беларускіх земляў вакол Полацка. Пры Ўсяславе Чарадзее Полацкае княства было адным з найбольш моцных і ўплывовых сярод сваіх суседзяў. Усяслаў Полацкі пэўны час кіраваў таксама і ўсёй Кіеўскай Русьсю. Княжыць у Кіеў яго запрасілі самі кіеўляне, бо чулі шмат пра яго мудрасьць і мужнасьць.
Асобай, якая заслугоўвае асаблівай пахвалы і шанаваньня, з’яўляецца Вялікі Князь Вітаўт, пры якім наша дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае асабліва ўзвысілася: пад Грунвальдам мы здолелі зламаць наступ на ўсход і поўдзень нямецкіх крыжакоў. З татараў Вітаўт зрабіў спакойных суседзяў і выклікаў у іх павагу да нашае дзяржавы, якая ў той час была адной з самых багатых і ўплывовых у сьвеце: князі Разанскі, Цвярскі і іншыя называлі Вітаўта сваім гаспадаром, Чэхія хацела аддаць яму сваю карону, маскоўскі князь Васіль прыходзіўся яму ўнукам.
Тадэўш Касьцюшка, ураджэнец мястэчка Косава, што на Гарадзеньшчыне, узначаліў паўстаньне супраць падзелу Рэчы Паспалітай (федэрацыі Польшчы і ВКЛ) за захаваньне незалежнасьці нашай дзяржавы ад Масквы. Тадэўш Касьцюшка таксама быў генералам у вайне за незалежнасьць ЗША, за што быў асабліва адзначаны ўрадам Амэрыкі. У гонар гэтага сына беларускай зямлі названа вышэйшая кропка Аўстраліі – пік Касьцюшка.
Як мужнага барацьбіта за незалежнасьць нашай краіны беларусы шануюць Кастуся Каліноўскага, які ў 1863 годзе падняў вялікае антымаскоўскае паўстаньне і паклаў жыцьцё на маскоўскай шыбеніцы за свабоду Беларусі.

Якiя спрадвечна беларускiя землi на сёньняшнi дзень знаходзяцца па-за сучаснымі межамi нашае дзяржавы?
Нажаль, на сёньняшні дзень ня ўсе беларускія землі знаходзяцца ў межах нашай дзяржавы. Напрыклад, былая сталіца нашай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага – Вільня. Нават на пачатку ХХ стагоддзя беларусы на Віленшчыне складалі 80% насельніцтва. Пасьля таго, як быў падпісаны сумнавядомы пакт Молатава-
Рыбентропа ў 1939 годзе, Вільня і Віленская вобласьць былі адарваны ад Беларусі, але і зараз у віленскіх вёсках чуецца беларуская мова.
Таксама і Беластоцкая вобласьць, якая зараз знаходзіцца ў складзе Польшчы ёсьць спрадвечна беларуская зямля, на якой дагэтуль значную частку насельніцтва складаюць беларусы.

 
ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ І КУЛЬТУРУ
Што такое родная мова?
Родная мова - гэта мова, якой спрадвек карысталіся продкі, мова да якой чалавек мае прыродную схільнасьць. Бог даў кожнаму народу сваю мову, якая яму і той зямлі, на якой ён жыве і якой найбольш адпавядае. Мова звычайна зьяўляецца асноўным паказчыкам нацыянальнай культуры і існаваньня нацыі як такой.

Якая гісторыя нашай мовы?
Раней нашая мова была адной з самых прэстыжных і распаўсюджаных славянскіх моваў, ёю гаварылі князі, большасьць люду Вялікага Княства Літоўскага, каралі польскія, гаспадары малдаўскія. У Вялікім Княстве Літоўскім яна была дзяржаўнай мовай: на ёй пісаліся ўсе законы, вяліся справы ў судах, адбываліся соймы і інш. Беларуская мова была мовай дыпламатычнай на ўсходзе Эўропы. Ад тых часоў засталося шмат дакументаў, кніг, граматаў і ўсе яны напісаны старабеларускай мовай.
Але ў цяжкія перыяды нашай гісторыі спробы нашых ворагаў пазбавіць нас беларускай мовы мелі пэўны посьпех, але яна ізноў натуральным шляхам паўставала з народу і натуральна гучала ў вуснах беларусаў.

Чым ёсьць самабытная нацыянальная культура?
Нацыянальная культура гэта набытак народа, які фарміраваўся на працягу ўсёй яго гісторыі. Культура утрымлівае ў сабе мову, гісторыю, сьветаўспрыманьне і шмат іншага, што мае толькі адзіны канкрэтны народ і ні які іншы. Народны вопыт канцэнтруецца ў культуры народа, выніку яго самапазнаньня. Гэты вынік не абавязкова цалкам дзейсны для кожнага наступнага пакаленьня, бо зьмяняюцца жыцьцёвыя абставіны ў якіх жыве народ, а адпаведна і культура. Але вынік самапазнаньня народа – культура – ёсьць базіс, на якім заснавана атоесамленьне сябе са сваёй нацыяй і ўсялякае новае самапазнаньне .

Чаму беларусы павiнны шанаваць перш за ўсё менавiта беларускую культуру?
Індывідуальны характар беларускай нацыі знаходзіць сабе найбольш поўнае і яркае ўвасабленьне ў самабытнай нацыянальнай культуры і гэта культура дастаткова гарманічна, гэта значыць асобныя яе часткі не супярэчаць адна адной. Толькі тады беларускі чалавек будзе жыць годна, калі ён ня будзе супярэчыць самому сабе. “Пазнаць сябе” і “быць самім сабой” - гэта два бакі аднаго мэдаля, і бяз гэтага немагчыма быць на самой справе тым, для чаго нас стварыў Бог і гэта ёсьць асновай пазітыўнага ныцыянальнага патрыятызма.
 

 ПРА ВЕРУ БЕЛАРУСА
Якая гiсторыя веры беларусаў?
У старажытныя часы беларусы былі паганцамі (язычнікамі). Пасьля на Беларусі распаўсюдзілася хрысьціянства. Веру на Беларусі вызнавалі як па ўсходнему абраду (праваслаўныя), так і па заходняму (каталікі), таксама на Беларусі вызнавалі і пратэстантызм. Як правіла на Беларусі Царква не была тым аб’ядноўваючым нацыю фактарам, як, напрыклад, у Польшчы ці Расеі. Але пэўны перыяд гісторыі пераважная большасьць (звыш 80%) насельніцтва вызнавала адну рэлігію – Грэка-Каталіцкую. Грэка-Каталіцкая царква (уніяцкая) стала сваеасаблівым кампрамісам паміж праваслаўнымі і каталікамі, беларускія грэка-каталікі заўсёды ў літургіі карысталася беларускай мовай. Многія беларускія грамадскія дзеячы лічылі ўніяцкую царкву беларускай нацыянальнай царквой, здолнай аб’яднаць грамадства.

Якая вера у беларусаў зараз?
Зараз Беларусь ізноў падзелена галоўным чынам паміж праваслаўнай царквой і каталіцкай. На праваслаўную царкву мае вялікі ўплыў Масква, таму, звычайна служба не вядзецца на беларускай мове. Апошняе аднак не датычыцца Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы, што спрыяе адраджэньню беларускай культуры. На каталіцкую царкву Беларусі ўзьдзейнічае Польшча, але сярод беларускіх каталікоў багата сьвядомых беларусаў і ў значнай частцы касьцёлаў імшу праводзяць па-беларуску. Паступова на Беларусі адраджаецца уніяцтва. Уніяцкая царква на Беларусі  адктрыта і актыўна выступае за адраджэньне беларускай культуры.

Цi можа вера азначаць нацыю?
Вера і нацыя гэта паняцьці, якія не ўзаемаабумоўліваюць адна адно. Як ад веры чалавека не залежыць нацыянальнасьць, так і ад нацыянальнасьці не залежыць яго вера. Але гэта разумелася належна не заўсёды, і беларусаў-прваслаўных запісвалі рускімі, а каталікоў - палякамі.  Аднак ў пэўнай ступені вера, як частка культуры, традыцый народа ўплывае на яго сьветаўспрыманьне, асабліва на Беларусі, дзе канфесіі заўсёды адрозьніваліся не толькі абрадамі, але таксама моцна ўплывалі на менталітэт беларусаў.
 
 

  ПРА НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАТРЫЯТЫЗМ
Што такое нацыянальны патрыятызм?
Патрыятызм у сучасным разуменьні гэта пачуцьцё гонару за сваю краіну, жаданьне працаваць на карысьць свайго народа і краіны. Патрыятызм грунтуецца на ўсьведамленьні сваёй неад’емнай прыналежнасьці да пэўнай нацыі, культурнай супольнасьці, якая найбольш адпавядае канкрэтнаму чалавеку, як  частцы гэтае супольнасьці.

Ці магчыма адзіная агульначалавечая культура?
Пры стракатай разнастайнасьці нацыянальных характараў і псіхічных тыпаў «агульначалавечая культура» прывяла б ці да задавальненьня чыста матэрыяльных патрэбаў пры амаль поўным ігнараваньні духоўных, ці навязала б усім народам формы жыцьця нейкага аднаго народа. Таму агульначалавечая культура павінна ў сваім натуральным выглядзе прадстаўляць сукупнасьць розных нацыянальных культур. Як гарманічна пабудавана прырода, ў якой існуюць розныя віды кветак, жывёл і г.д., якія кампенсуюць і ўзаемнаўраўнаважваюць сябе, ствараючы адзінства разнастайнасьці, таксама і агульначалавечая культура ў сваім натуральным стане павінна ўяўляць сукупнасьць розных культур, дзе ні адна не ўзвышаецца за кошт іншай. Гэта з’яўляецца мэтай нацыянальнага патрыятызма.

Цi можна атоесамлiваць нацыянальны патрыятызм з шавiнiзмам цi фашызмам?
Шавінізм ці фашызм нельга атоесамліваць з сапраўдным нацыянальным патрыятызмам. Імкненьне распаўсюдзіць мову і культуру свайго народа на іншапляменьнікаў, жаданьне асіміляваць і выкараніць у апошніх усялякую нацыянальную самабытнасьць супярэчыць паняцьцю натуральнага патрыятызма. Бо ўнікальнасьць кожнай нацыянальнай культуры каштоўна толькі ў тым выпадку, калі адпавядае і не супярэчыць псіхічнаму складу яе стваральнікаў і носьбітаў. Ваяўнічы шавінізм вядзе да страты чысьціні расы носьбітаў культуры, а ў наступным да страты сваёй непаўторнай культуры, што супярэчыць мэце пазітыўнага патрыятызма.

Чаму тэрмiну «нацыяналiзм» у нашай краiне нярэдка надаюць негатыўнае адценьне?
Параўноўваючы сэнс тэрміна «нацыяналізм» у савецкай і пасьлясавецкай літаратуры з сэнсам, які надаецца гэтаму слову напрыклад у заходніх выданьнях можна заўважыць вялікую розьніцу. У заходняй літаратуры нацыяналізм (ангел. nationalism) – любы выраз нацыянальных інтарэсаў, нацыянальнай самасьвядомасьці, імкненьне да незалежнасьці. У нашым грамадстве ў большасьці выпадкаў слову надаецца абсалютна негатыўны сэнс. Гэта можна растлумачыць тым, што на тэрыторыі Савецкага Саюза (а раней – Расейскай імперыі) ў зоне ўплыва якіх знаходзілася Беларусь, любое імкненьне да нацыянальнага самавызначэньня разглядалася ўладамі як небясьпечны сэпаратызм, які супярэчыць асновам палітыкі дзяржавы. Існавала толькі адна культура – маскоўская  і толькі яна магла разьвівацца, нават (і як правіла) за кошт іншых культур. Шавіністычнае насаджэньне рускай культуры праводзілася сьвецкімі ўладамі і царквой і звалось “патриотизмом”, ніякая іншая культура ня мела права на годнае існаваньне і выкаранялася. І адсюль – як вынік адмоўная афарбоўка слова “нацыяналізм”, якому Масква наклейвала ярлыкі  шавінізма і фашызма.
 
 

ПРА БЕЛАРУСКАГА ПАТРЫЁТА
Хто такi беларускi патрыёт?
Беларускі патрыёт гэта чалавек, які ўсьведамляе адзінства інтарэсаў і мэтаў усёй нацыі, а таксама неабходнасьць супольнай барацьбы за іх ажыцьцяўленьне, чалавек які аддае сябе Беларусі бяз рэшты. Ён ганарыцца тым, што з’яўляецца беларусам, беларусам у поўным сэнсе гэтага слова. Беларускі патрыёт – твар нацыі і  лепшы яе прадстаўнік. Беларускі патрыёт робіць гісторыю.

Якiя павiннасьцi перад беларускай дзяржавай i нацыяй мае беларускi патрыёт?
Патрыятызм даказваецца не словам, а справай. Беларускі патрыёт ёсьць носьбіт беларускай культуры, ён абавязаны разумець і шанаваць беларускую культуру: гісторыю, мову, традыцыі. Беларускі патрыёт павінен рабіць усё магчымае дзеля развіцьця моцнай і свабоднай беларускай дзяржавы і распаўсюджваньня ідэалаў беларускай незалежнасьці, свабоды і ў тым ліку гуртавацца са сваімі аднадумцамі для працы на карысьць Беларусі. Беларускі патрыёт не толькі пазнае беларускае, але і стварае беларускае. Словы раз'ядноўваюсь, супольная дзейнасьць аб'ноўвае.

Як ставiцца беларускi патрыёт да iншых беларускiх патрыётаў?
Адносіны аднаго беларускага патрыёта да другога абумоўліваюцца адзінствам ідэалаў і супольным імкненьнем да дасягненьня мэты. Беларускія патрыёты фармуюць Нацыянальныя Супольнасьці, пазьбягаючы распыленасьці  сілаў, што заўсёды вядзе да іх нерацыянальнага выкарыстаньня.  Адзін беларускі патрыёт ставіцца да другога ў духу узаемадапамогі і братэрства, бо Беларусь –  агульная маці, а беларускія патрыёты – мусяць быць сапраўды годныя яе сыны.  Непадтрымка свайго аднадумца не адпавядае духу братэрства, і выглядае як здрада ідэалам беларускага нацыянальнага патрыятызма.

Да чаго iмкнецца беларускi патрыёт у сваiм асабiстым жыцьцi?
У сваім асабістым жыцьці беларускі патрыёт імкнецца адпавядаць найвышэйшым маральным стандартам, каб яго можна было паставіць як прыклад іншым. Гонар і годнасьць – не пустыя словы для беларускага патрыёта. Здрада сваім ідэалам і аднадумцам – гэта тое, што беларускі патрыёт ня можа сабе дазволіць не пры якіх умовах. Талерантнасьць да здрады нараджае новыя здрады. Беларускі патрыёт трымае ня толькі свой дух, але і цела ў належным стане, каб быць здольным абараняць свае ідэалы.

Як ставiцца беларускi патрыёт да iншых нацыяў?
Сапраўдны беларускі патрыёт глядзіць у першую чаргу на ўчынкі чалавека, а не на яго прыналежнасьць да якойсьці нацыі. Прадстаўнікі іншых нацыяў з павагай ставяцца да беларускай нацыі, мовы, культуры, і тым жа ім адказвае беларускі патрыёт. Калі ж нехта будзе зьневажаць словам ці дзеяньнем Беларусь, беларускі народ ці культуру, то беларускі патрыёт павінен адпаведна на гэта рэагаваць, каб у будучым такое не магло паўтарыцца. Адказ на зьнявагу талерантнасьцю - нелягчны і вядзе да новых зьнявагаў. Безпакаранасьць разбэшчвае.

Цi можа быць беларускiм патрыётам не этнiчны беларус?
Не этнічны беларус можа быць беларускім патрыётам. Беларускі патрыёт вызначаецца ня толькі  і ня столькі генамі, колькі станам духу. Калі чалавек-небеларус ведае, што яго нашчадкі праз некалькі пакаленьняў будуць асіміліяваны беларускім народам, калі чалавек хоча сам і каб яго дзеці жылі ў моцнай заможнай краіне, то цалкам лагічна будзе тое, што ён будзе мець супольныя справы на ніве адраджэньня Беларусі з патрыётамі, і праз некаторы час магчыма сам ім стане.

Як ставiцца беларускi патрыёт да несьвядомых беларусаў?
Беларускі патрыёт ставіцца з цярпеньнем да несьвядомых беларусаў, бо разумее, што іх розумы апутаны хлусьнёй ворагаў Беларусі. Ён імкнецца зрабіць іх больш сьвядомымі, расказваючы пра беларускую гісторыю, палітычную сітуацыю і г.д. Беларускі патрыёт дапамагае рознымі шляхамі несьвядомым беларусам, бо тады яны становяцца больш уважлівымі і схільнымі да размоваў пра беларушчыну і да дзеяньняў на яе карысьць.
 
 

БЕЛАРУСКІ ПАТРЫЁТ І ПАЛІТЫКА
Як ставiцца беларускi патрыёт да палiтыкi?
Беларускі патрыёт адмаўляе абывацельска-абыякавы падыход да палітыкі, бо разумее, што палітыка вырашае лёс дзяржавы, народа і яго собскае жыцьцё. І менавіта ад таго, каму належыць  ўлада залежыць сучаснасьць і будучыня дзяржавы. Таму беларускі патрыёт актыўна бярэ ўдзел  ў палітыцы: яднаецца з аднадумцамі, падтрымлівае прабеларускія сілы і супрацьдзейнічае антыбеларускім. Палітыка ёсьць крыжовым паходам за ідэю.

Стварэньне якой дзяржавы з’яўляецца мэтай беларускiх патрыётаў?
Мэтай беларускіх патрыётаў з’яўляецца адраджэньне незалежнай беларускай дзяржавы, ў якой чалавек мог бы рэалізоўваць сябе ў найбольшай ступені, а таксама атрымоўваць за добрую працу – належны ўзровень жыцьця. У беларускай дзяржаве будуць панаваць найперш інтарэсы беларускага народа, а не нейкіх канкрэтных груповак каля ўлады. Беларусь як незалежная дзяржава будзе самастойна, а не пад дыктоўку іншых краінаў, рабіць тое, што ёй выгадна. Беларуская дзяржава павінна стаць дэмакратычнай. Але практыка сьведчыць, што дэмакратыя нестабільна, пакуль не стаіць на падмурку нацыяналізму ў яго сучасным культурным і этнічным разуменьні. Таму трэба стварыць такі падмурак. Можна нават казаць, што беларуская дэмакратыя немагчыма без нацыянальнага яднаньня. Нацыянальны патрыятызм і дэмакратыя здольны стварыць адзін адну.

Якія геапалітычныя прыярытэты падтрымліваюць беларускія патрыёты?
Беларусь ёсьць самастойны суб'ект міжнароднай палітыкі і прымае рашэньні ў адпаведнасьці з інтарэсамі беларускай дзяржавы і беларускага народу. Неабходна падтрымліваць добрасуседскія адносіны з усімі краінамі, што мяжуюць з Беларусьсю, аднак у адпаведнасьці з гістарычным вопытам можна казаць аб традыцыйных адносінах, якія грунтаваліся на павазе і роўнасьці народаў. Традыцыйнымі беларускімі партнёрамі павінны ізноў стаць дзяржавы, што ўтваралі Вялікае Княства Літоўскае - краіны Балтыі і Украіна. Беларусь павінна вярнуць свае натуральнае месца ў Эўропе. У далёкай перспектыве стварэньне моцнай цэнтральнаэўрапейскай федэрацыі з цэнтрам у Вільні дазволіла б на роўных будаваць адносіны як з Расеяй так і з Заходняй Эўропай.
 

© Яраслаў Крывіч. Кароткі катэхізм беларускага патрыёта. Санкт-Пецярбург. 1998